Камп’ютарны падбор колеру

341

Кожны лепяльчанін хаця б раз у жыцці сутыкаўся з касметычным рамонтам у доме ці кватэры. А некаторыя заўзятары гатовыя абнаўляць сцены сваіх пакояў кожны год. І тут перад імі паўстае пытанне: фарбаваць ці клеіць?
Адказаць на яго адназначна немагчыма, бо кожны мае свае густы, схільнасці. Звернемся ж да традыцый.

З даўніх часоў сцены печак заўсёды бяліліся вапнай. Акрамя эстэтыкі (спакойны белы колер) дасягаліся яшчэ і практычныя мэты. Калі ў дымаходах утвараліся расколіны, яны адразу былі добра бачны на пабелцы, гаспадар іх хутка замазваў, каб прадухіліць пажар. Бывала, фарбавалі і сцены.
У 1970 — 1980-х лепяльчане сталі актыўна абклейваць сцены шпалерамі, многія захоўваюць вернасць гэтай традыцыі і цяпер.
Распавядае Аксана Пруднік:
— Я ўжо каля дзесяці гадоў працую прадаўцом шпалераў у ТАА “Беллепельснаб”. Да вартасцяў шпалернай апрацоўкі сцен аднясу адносную таннасць. У нас у продажы ёсць шэраг тавараў эканомнай цэнавай групы. Гэта простыя папяровыя шпалеры, такімі гаспадыні дзясяткі гадоў абклейваюць сцены пакояў. Галоўны мінус — іх нельга мыць. Галоўны плюс — таннасць, можна хоць кожны год пераклейваць сцены, ствараць сабе новы настрой.
Ёсць і такія мадэлі, якія можна мыць, аднак яны ўжо нашмат даражэйшыя. Такія шпалеры будуць гарантавана радаваць вока некалькі гадоў, не выцвітаць. Іх вельмі зручна выкарыстоўваць, скажам, на кухні. Выпадкова запэцкаліся — адразу працёр вільготнай тканінай, і маеш абноўленыя. У нашай краме на вуліцы Партызанскай вельмі вялікі асартымент і тых, і іншых шпалераў, беларускай і імпартнай вытворчасці, а таксама фотакарцін. Можам таксама прапанаваць клей, які аптымальна падыходзіць да кожнага віду.
* * *
Калі са шпалерамі ўсё ясна, то з фарбай — не зусім. Не прыпомню, каб у кагосьці знаёмага сцены пакояў былі пафарбаваныя. Між тым, у спецыялізаваных выданнях і інтэрнэце ёсць шмат фотаздымкаў унутраных інтэр’ераў, дзе сцены не проста пафарбаваныя, а там нават намаляваныя карціны. У той жа самай краме на вуліцы Партызанскай пагутарыў і з іншым спецыялістам — Юрыем Еўтушэнкам:
— Я сярод іншага займаюся продажам фарбаў. Для апрацоўкі ўнутраных сцен мы прапануем водна-дысперсійную акрылавую фарбу беларускай гандлёвай маркі MAV. Мы з’яўляемся гандлёвымі прадстаўнікамі гэтай гандлёвай маркі, што азначае рэалізацыю тавару па адпускных цэнах завода-вытворцы. Адпаведна, мы нясём адказнасць за якасць нашай прадукцыі.
Водна-дысперсійная фарба — экалагічна чыстая, нейтральная, без смуроду. Сохне за лічаныя гадзіны, не выклікае алергію, што пацверджана выпрабаваннямі ў лабараторыі. Прычым таксама адносна недарагая. Напрыклад, пяцілітровае вядзерца белай фарбы, якая з’яўляецца асновай і змяшчае сем кілаграмаў, каштуе 255 тысяч рублёў. Туды дадаецца каляровачны элемент, якім дасягаецца патрэбны колер і насычанасць.
Нядаўна мы набылі і ўстанавілі спецыяльнае абсталяванне для камп’ютарнага падбору колеру. Цяпер маем магчымасць падабраць фарбу тон у тон. За лічаныя хвіліны заказчык атрымлівае патрэбны тавар.
— Аднак тавару зусім без недахопаў не бывае…
— Не сказаў бы, што гэта недахоп… Проста такія асаблівасці. Фарбаванне патрабуе ідэальнай папярэдняй падрыхтоўкі асновы, сцен. Перад нанясеннем фарбы сцены ў пакоях трэба шпакляваць і зачышчаць, каб пазбегнуць дробных расколінак, драпін, ямачак. Калі шпалерамі мікрадэфекты закрыюцца і схаваюцца, то на пафарбаванай сцяне застануцца бачнымі. Па-другое, для атрымання гарантавана высокай якасці пакрыцця фарбаваць патрэбна ў два слаі.
— Чым пацвярджаецца якасць фарбы?
— Кожная партыя тавару суправаджаецца асобным сертыфікатам, дзе ўказаны ўсе неабходныя параметры. Аднак лепей за ўсё скажуць нашы пакупнікі. Напрыклад, сёння фарбу набывалі ў дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына”. Там ёй абнаўляюць сцены як звонку, так і ўнутры памяшканняў. Мяркую, у такую ўстанову не дапусцяць абы-якія матэрыялы.
— А вы самі пафарбавалі б дома сцены?
— Як мы набылі сабе кватэру, я прапанаваў жонцы сцены не клеіць, а фарбаваць. Аднак яна адмовілася. Маўляў, дом новы, нядаўна пабудаваны, магчыма, сцены пэўны час будуць даваць усадку. Таму вырашылі пакуль што абклеіць іх шпалерамі. А далей — пабачым.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Максім Скарадзіхін і Юрый Еўтушэнка змешваюць фарбы.
Фота аўтара.